БУДАЎНІ́ЧАЯ ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае працэсы перадачы цяпла, вільгаці і паветра ў будынках, збудаваннях і іх канструкцыях.
Метадамі будаўнічай цеплатэхнікі ўстанаўліваюць неабходныя цеплатэхн. якасці і параметры агараджальных канструкцый, заканамернасці іх узаемадзеяння з унутр. і навакольным асяроддзем, вызначаюць цепла- і масаабмен унутры канструкцый, даўгавечнасць збудаванняў, умовы падтрымання (з улікам ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра) тэмпературна-вільготнасных гігіенічных умоў у памяшканнях жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў. Даследаванні па будаўнічай цеплатэхніцы вядуць у натурных умовах і кліматычных камерах; у разліках выкарыстоўваюць сродкі матэм. і фіз. мадэлявання, аналітычныя і інш. метады на аснове тэорыі цеплаперадачы, масаабмену, тэрмадынамікі, тэорыі падобнасці і інш. Роля будаўнічай цеплатэхнікі павышаецца пры пашырэнні ў буд-ве аблегчаных агараджальных канструкцый.
т. 3, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)